На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае вайсковы экспэрт украінскага выданьня Defense Express Іван Кірычэўскі.
Сьцісла:
- За час вайны і Ўкраіна і Расея мадэрнізавалі сродкі РЭБ (радыёэлектроннай барацьбы), якія дазваляюць псаваць бартавыя кампутары дронаў, у выніку тыя трацяць арыентацыю, але працягваюць палёт.
- Такі дрон з пашкоджаным кіраваньнем можа ляцець сотні кілямэтраў, пакуль ня скончыцца паліва.
- Дроны, якія залятаюць у Беларусь, фактычна ляцяць рыкашэтам, яны не атакуюць, яны пáдаюць.
- Ніякая СПА (супрацьпаветраная абарона) у сьвеце не дае стоадсоткавай абароны ад дронаў.
— Днямі ў Менску ўпаў вайсковы дрон, які прыляцеў з поля бою ва Ўкраіне. У сталіцы гэта першы раз. Але ў Беларусі — не ўпершыню. Нават за апошні тыдзень іх на поўдзень краіны заляцела некалькі.
Пра менскі прылёт мы яшчэ пагаворым, а зараз пра зьяву як такую. Упершыню дрон прыляцеў з поля бою ў ліпені 2024 году. Вайна пачалася ў лютым 2022 году, дроны ў ёй абодва бакі выкарыстоўвалі ад пачатку. Чаму прылёты ў Беларусь пачаліся толькі ў ліпені 2024 году?
— Думаю, няма патрэбы шукаць нейкую кансьпіралёгію. Абодва бакі вайны, Украіна і Расея, распрацавалі сродкі радыёэлектроннай барацьбы, якія могуць працаваць на падставе прынцыпу GPS-спуфінгу. Гэта азначае, што на прыладах, якія абапіраюцца на GPS-навігацыю, раптам зьбіваюцца каардынаты. Такое часам здараецца, калі, скажам, у Кіеве на смартфонах ці смарт-гадзіньніках геалякацыя паказвае, што прылада ў Беларусі. Бываюць такія збоі ў іх працы.
Тое самае можна сказаць пра пэўныя бесьпілётнікі, якія заляталі на тэрыторыю Беларусі. Яны былі адхіленыя туды сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.
Няма намеру наўмысна накіраваць іх у Беларусь. Ніякія сродкі спуфінгу ня могуць кудысьці мэтанакіравана накіраваць бесьпілётнік. Але яны могуць прымусіць бартавы кампутар на дроне пачаць блытацца ў прасторы, у арыентацыі і адпаведна пачаць выпісваць нейкія дзіўныя манэўры.
Дарэчы, Румынія таксама цярпіць ад інцыдэнтаў, падобных на тыя, якія адбываюцца ў Беларусі. Тут ня трэба бачыць нечы злы намер — украінцаў ці расейцаў. Так працуюць сучасныя сродкі РЭБ.
Яшчэ варта падкрэсьліць, што дроны — эфэктыўная зброя, калі ўдар наносяць у адно месца дзясяткі бесьпілётнікаў. У Беларусі мы гэтага не назіраем. А тое, што назіраем, — гэта фактычна рыкашэты.
— Як можна меркаваць з даступнай інфармацыі, усе прылёты, пры якія мы гаворым, не былі сьвядомымі ўдарамі каго б ні было па беларускай тэрыторыі, дроны ў Беларусі не атакуюць, а проста падаюць. Ці так гэта? Украіна ня мае спакусы нанесьці ўдар па тэрыторыі суагрэсара?
Пэўны час таму дэпутат Вярхоўнай Рады Алег Дунда заклікаў атакаваць вайсковыя аб’екты Беларусі ў адказ на яе спрыяньне расейскай агрэсіі.
— Так, яны проста падаюць. Ці, як я сказаў, гэта рыкашэты. Дарэчы, ёсьць выпадкі, калі пад узьдзеяньнем спуфінгу расейскія дроны гэтаксама ляцяць на тэрыторыю Расеі і падаюць там. Наконт заявы народнага дэпутата Дунды. Так, ён дэпутат ад кіроўнай партыі. Але ня ўсё, што можа сказаць дэпутат, вартае ўвагі. Беларусь — патэнцыйна даволі сурʼёзны праціўнік. Калі б мы пачалі ўзброеную эскаляцыю, то мелі б справу з 500 танкамі, тысячай адзінак бранятэхнікі, дзясяткамі тысячаў вайскоўцаў. Калі маем лішнія рэсурсы, каб супрацьстаяць гэтай сіле, дык лепш накіраваць іх на вызваленьне нашых тэрыторыяў на ўсходзе Ўкраіны.
Паколькі ў нас ёсьць такія дэпутаты, то, дзякуй Богу, наш парлямэнт не адыгрывае вырашальнай ролі ў прыняцьці ключавых ваенна-палітычных рашэньняў.
У нас ёсьць 1400 кілямэтраў актыўнага фронту з Расеяй і яшчэ плюс 1000 кілямэтраў пасыўнага фронту — мяжа зь Беларусьсю, дзе мы вымушаныя трымаць вайсковую заслону, бо рэжым Лукашэнкі трымае на мяжы пэўную колькасьць батальённа-тактычных групаў.
Што ўкраінскае грамадзтва магло б рэальна ўстурбаваць, дык гэта зьяўленьне на тэрыторыі Беларусі вялікай колькасьці расейскіх войскаў і пагроза іхнага новага нападу на Ўкраіну, у прыватнасьці на Кіеў, як гэта было ў 2022 годзе.
Калі такая пагроза рэалізуецца, то ва ўкраінскім грамадзтве могуць узьнікнуць сурʼёзныя настроі нанесьці па Беларусі ўдар у адказ.
Але зараз няма ўплывовых настрояў, што, маўляў, трэба тэрмінова пакараць Беларусь як саўдзельніка агрэсіі. Няма і плянаваньня ваенных апэрацый такога кшталту, у тым ліку і з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў.
— Паведамляюць, што дроны зь беларускай тэрыторыі заляталі ў суседнія краіны. У Літву апошні раз зусім нядаўна. Як далёка можа праляцець дрон, якому сродкамі РЭБ пашкодзілі сыстэму кіраваньня?
— Разумееце, у дроне няма кнопкі, якая б у выпадку пашкоджаньня бартавога кампутара сродкамі РЭБ проста адключала дрон. Калі б была, дык ён бы падаў на тым месцы, дзе яму пашкодзілі кампутар. А так ён будзе ляцець, пакуль у яго ня скончыцца паліва. А, скажам, у «Шахедаў» і іранскай і расейскай зборкі далёкасьць палёту 2500 кілямэтраў. І калі такому дрону пашкодзіць бартавы кампутар, ён можа лётаць, умоўна кажучы, з-пад Харкава да Львова і назад некалькі разоў. У «Герберы» далёкасьць палёту 1500 кілямэтраў.
Дарэчы, у 2023 годзе быў выпадак, калі на «Байрактары» выйшла з ладу абсталяваньне і ён доўгі час кружляў над Кіевам, пакуль ня скончылася паліва і ён ня ўпаў на горад. Ніхто не пацярпеў тады, але ўпаў ён на Кіеў.
— Прабачце за пытаньне прафана, але калі на самалёце зьнішчыць экіпаж, дык ён жа хутка ўпадзе. Чаму з дронамі так не адбываецца?
— А і з самалётамі рознае бывае. У 1989 годзе быў выпадак, калі на савецкім МіГу падчас палёту з аэрадрому ў Польшчы адмовіў адзін рухавік. Пілёт катапультаваўся. А самалёт даляцеў да Бэльгіі і там упаў, бо паліва скончылася. Калі лётны апарат фізычна не пашкоджаны, а рухавік працуе, дык ён і будзе ляцець, пакуль паліва ня скончыцца.
Праўда, бываюць і адваротныя выпадкі. Скажам, калі расейскія «Шахеды», якія ляцелі ва Ўкраіну, проста падалі самі сабою. Высьвятлялася, што расейцы іх запраўлялі звычайным бэнзінам, а трэба было паводле рэглямэнту — адмысловым авіяцыйным. Нашыя ўмельцы потым гэты бэнзін з «Шахедаў» зьлівалі. Ну і неяк высьветлілася падмена.
Відаць, дроны, якія заляталі ў Беларусь, запраўлялі ўсё ж бэнзінам належнай якасьці.
— Абстрэлы ракетамі Ўкраіны, а таксама авіяўдары па ёй зь беларускай тэрыторыі спыніліся ў кастрычніку 2022 году. Але апошнім часам зьявілася інфармацыя, што некаторыя расейскія дроны, які наносяць удары па Ўкраіне, пралятаюць пры гэтым над Беларусьсю. Ці ёсьць пацьверджаньне гэтай інфармацыі?
— Такое можа быць, але варта аднавіць храналёгію падзеяў. Сухаземныя напады на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі пачаліся зь першага дня поўнамаштабнай вайны. Але ў красавіку 2022 году сухаземныя расейскія войскі былі пераважна выведзеныя зь Беларусі. Авіяўдары і ракетныя ўдары з тэрыторыі Беларусі наносілі да кастрычніка 2022 году. Магчыма, не на ўсе ўдары была згода Лукашэнкі, магчыма, некаторыя зь іх наносілі дэманстратыўна, каб паказаць, што Масква ня лічыцца зь ім.
Наколькі мне вядома, ёсьць нефармальны кансэнсус паміж Пэкінам і Менскам, што тэрыторыя Беларусі не выкарыстоўваецца для маштабных ваенных дзеяньняў супраць Украіны.
І ў цэлым кансэнсус вытрымліваецца. Расея можа час ад часу запускаць свае дроны праз тэрыторыю Беларусі, каб паказаць, што яна можа дазволіць сабе ігнараваць гэты кансэнсус.
Але ў масавую зьяву гэта не ператварылася. І ва Ўкраіне гэтыя палёты расейскіх дронаў празь Беларусь не ўспрымаюцца як якасна новы этап эскаляцыі. Украіна зараз мае шмат значна вастрэйшых праблемаў.
Што ўспрымаецца як праблема — дык гэта супраца беларускай прамысловасьці з расейскім ВПК.
Але ў цэлым Беларусь успрымаецца ва Ўкраіне як буфэрная тэрыторыя, якая зараз не бярэ беспасярэдняга ўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны.
— Некаторыя дроны, якія прылятаюць у Беларусь, зьбівае беларуская СПА. Уладзімір Зяленскі неяк хоць з доляй іроніі, але нават пахваліў Аляксандра Лукашэнку за гэта. А чаму ня ўсе зьбіваюць? Магчымасьцяў няма ці патрэбы?
— Я думаю, што магчымасьцяў няма. Аўтакраты кшталту Лукашэнкі даволі хваравіта рэагуюць на такія замахі на недатыкальнасьць іх тэрыторыі. Так што калі няма нават чыста ваеннай патрэбы зьбіваць замежныя бесьпілётнікі, якія залятаюць у паветраную прастору, іх трэба зьбіваць для дэманстрацыі сілы. Але насамрэч ніхто ў сьвеце ня ўмее зьбіваць усе дроны на 100%.
І гэта не залежыць нават ад узроўню тэхнічнага забесьпячэньня.
Гэта ня толькі пра Ўкраіну. Гэта і пра Ізраіль, пра апошнюю вайну з Іранам. СПА Ізраілю была вельмі падрыхтаваная, яны маглі нават выкарыстоўваць верталёты Apache для паляваньня на іранскія «Шахеды». Ізраіль адных гэтых верталётаў меў 60 адзінак, а Іран за 12 дзён запусьціў 200 «Шахедаў». Дык нават там ня ўсе зь іх зьбілі.
Ну дык чаго патрабаваць ад беларускай СПА? Да таго ж гэтаму трэба вучыцца, ніхто не нараджаецца з уменьнем зьбіваць бесьпілётнікі. Нашыя сродкі СПА за тры гады вайны зьбілі 30 тысячаў расейскіх «Шахедаў», а яны ня проста падалі, а атакавалі нас.
Ня дай Бог нікому такога досьведу. Аднак у беларускай СПА яго і няма.
— А цяпер пра дрон, які ўпаў на Менск. Ад мяжы да сталіцы немалая адлегласьць. Дрон — не гіпэргукавая зброя. Чаму ня зьбілі на падлёце, каб упаў недзе ў полі, чаму дапусьцілі, каб упаў на горад?
— Напрошваецца паралель з Матыясам Рустам, які пераадолеў СПА ўсяго СССР і прызямліўся на Краснай плошчы ў Маскве. Ну вось так атрымалася. Тады ці ня ўсё кіраўніцтва савецкай СПА зьляцела з пасадаў. Не выключаю, што тое самае зараз адбудзецца з камандаваньнем беларускай СПА.
Але ёсьць нюансы. Вось вы параўналі дрон з гіпэргукавой ракетай. Так, ракета ляціць хутчэй. Але яна вялікая, яе адразу бачна на радары. А бесьпілётнік маленькі, яго ў прынцыпе ня бачна. Вось беларускія СПА маглі яго своечасова і ня ўбачыць.
На нашай постсавецкай прасторы паўсюль была ілюзія, што СПА аўтаматычна зьбівае ўсё. Але трэба зыходзіць з досьведу Украіны, што зьбіць хаця б адну цэль — гэта насамрэч дасягненьне.
З нашай афіцыйнай камунікацыі можа скласьціся ўражаньне, што мы ўмеем зьбіваць усё і ў гэтым няма ніякіх цяжкасьцяў. Насамрэч цяжкасьцяў вельмі шмат, вось літаральна сёньня быў удар па Кіеве ракетамі «Іскандэр-К». Быццам бы дагукавыя крылатыя ракеты, зь імі можна змагацца вялікім наборам сродкаў. Аднак менавіта сёньня змаглі зьбіць толькі тры з васьмі.
Што ж казаць пра Беларусь, якая жыве ўсё ж у рэжыме ўмоўна мірнага часу?
Форум