Пра гэта паведаміла пракуратура Польшчы. Падчас разбору плянуюць высьветліць, ці ў 2020–2023 гадах дзяржаўныя службоўцы, у тым ліку прадстаўнікі МЗС, злоўжывалі паўнамоцтвамі і не выконвалі сваіх абавязкаў у сувязі зь візавымі працэдурамі ў рамках PBH.
Справу завялі на падставе заяваў, якія падалі сьледчая камісія, створаная Польскім Сэймам 10-га (папярэдняга) скліканьня, і старшыня Найвышэйшай кантрольнай палаты.
«Пазначаныя ў заявах дзеяньні палягалі, у прыватнасьці, у накіраваньні ў польскія консульствы лістоў з распараджэньнямі аб прыярытэтным апрацаваньні візавых заяваў у рамках праграмы PBH, нягледзячы на тое, што гэтая праграма не была афіцыйна зацьверджаная Радай міністраў і не былі ўнесеныя адпаведныя зьмены ў дзейнае заканадаўства», — гаворыцца ў паведамленьні.
Адзначаецца, што консулам давалі пісьмовыя ўказаньні прыярытэтным чынам разглядаць візавыя заявы ад грамадзян Беларусі — прадстаўнікоў сфэры інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў, якія прайшлі адбор на праграму PBH, і выдаваць ім і іхным сямейнікам візы з пазнакай Poland Business Harbour.
Акрамя таго, паводле інфармацыі пракуратуры, консулам даручалі прымаць заявы ад грамадзян іншых краін, калі яны працавалі ў кампаніях, што рэлякуюцца ў Польшчу, — «на падставе хадайніцтва працадаўцы, які атрымаў адпаведныя рэкамэндацыі»; пашыраць праграму на іншыя дзяржавы (у тым ліку Шкраіну, Расею, Армэнію, Грузію, Малдову), а таксама на ІТ-кампаніі і спэцыялістаў.
Вынікам гэтых дзеяньняў магла стаць выдача 95 115 візаў з пазнакай PBH у парадку, не прадугледжаным законам аб іншаземцах, адзначыла пракуратура.
Паведамляюць, што «расьсьледаваньне знаходзіцца на раньняй стадыі».
Летась 10 кастрычніка міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што падчас праверкі ў МЗС выявілі амаль 50 парушэньняў, якія тычацца мэханізму выдачы візаў падчас знаходжаньня ва ўладзе ў краіне кааліцыі правых сілаў (2018–2023 гады). Міністар сказаў, што ён «шакаваны маштабам парушаных працэдураў».
Праграму стварылі ў верасьні 2020 году, каб прыцягнуць у Польшчу ІТ-спэцыялістаў і кампаніі зь Беларусі, а затым яе пашырылі на Грузію, Расею, Украіну, Малдову і Армэнію.
Намесьніца дырэктара Ўсходняга дэпартамэнту МЗС Польшчы Анна Кастшэва-Мішталь 20 верасьня 2023 году на III Беларускім бізнэс-форуме ў Варшаве паведаміла, што за тры гады ў рамках PBH выдалі амаль 90 тысяч візаў, піша «Позірк».
Летась у студзені стала вядома, што Сікорскі прыняў рашэньне прыпыніць удзел МЗС у праграме РВН датуль, пакуль ня будуць прынятыя рашэньні, якія гарантуюць «належную праверку кампаніяў і іншаземцаў, якія ў ёй удзельнічаюць».
Форум