У МАГАТЭ паведамілі аб новай атацы аднаго з аб’ектаў Запароскай АЭС, але не ўдакладнілі, хто яе ўчыніў

Штаб-кватэра МАГАТЭ ў Вене (Аўстрыя). Ілюстрацыйнае фота

Генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ, IFEA) Рафаэль Гросі з спасылкай на прадстаўнікоў сталай місіі арганізацыі на захопленай расейскімі войскамі Запароскай АЭС паведаміў аб атацы дронамі аднаго з дапаможных аб’ектаў станцыі.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні МАГАТЭ, прадстаўнікі місіі 2 жніўня чулі выбухі і бачылі дым недалёка ад аднаго з дапаможных аб’ектаў, які знаходзіцца за 1,2 кілямэтра ад пэрымэтру пляцоўкі Запароскай АЭС.

«Любая атака ў непасрэднай блізкасьці да атамнай электрастанцыі — незалежна ад меркаванай мэты — стварае патэнцыйныя рызыкі таксама для ядзернай бясьпекі і яе трэба пазьбягаць. Яшчэ раз заклікаю да максымальнай ваеннай стрыманасьці паблізу ядзерных аб’ектаў, каб перадухіліць далейшую рызыку ядзернай аварыі», — заявіў генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.

Місія МАГАТЭ сёлета ў ліпені пачала фіксаваць актывізацыю баявой актыўнасьці паблізу Запароскай АЭС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МАГАТЭ заявілі аб актывізацыі абстрэлаў паблізу захопленай Расеяй Запароскай АЭС

Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС на пачатку сакавіка 2022 году.

Тэрыторыя станцыі пэрыядычна трапляе пад абстрэлы, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня вайсковай тэхнікі і разьмяшчэньня сваіх вайскоўцаў.

У ліпені 2024 году Генэральная Асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю, у якой заклікала Расею «тэрмінова вывесьці» свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку з Запароскай атамнай электрастанцыі.

Рэзалюцыю «Бясьпека і абароненасьць ядзерных абʼектаў Украіны, у тым ліку Запароскай АЭС» ухвалілі 99 дзяржаваў, дзевяць былі «супраць» — Беларусь, Бурундзі, Куба, КНДР, Эрытрэя, Малі, Нікарагуа, Расея і Сырыя. 60 дзяржаваў устрымаліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ плаціла за расейскія праекты ў анэксаваным Крыме. Дасьледаваньне Свабоды